РУ БЕ EN

“Не маўчы па-беларуску!”

21.02.2023
“Не маўчы па-беларуску!” Пад такім дэвізам прайшоў цэлы дзень у дзяржаўнай установе адукацыі “Дубраўская сярэдняя школа”. А пачаўся ён са слоў: Шаноўныя беларусы! Сёння, 21 лютага, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Віншуем усіх нас з гэтым святам!

Дзень быў ва ўсім незвычайны: і свята роднай мовы, і творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі лёляй Багдановіч.

Паэзія –

Крылы ў неба,

Што вучаць зямлёй даражыць.

Паэзіяй дыхаць трэба,

Паэзіяй трэба жыць.

Лёля Уладзіміраўна – вельмі шчыры і вясёлы чалавек, які жыве і дыхае паэзіяй. Амаль з першых хвілін яна зарадзіла весялосцю і жыццялюбствам усю аўдыторыю. Усе прысутныя ўважліва слухалі чароўныя гукі паэтычнага слова і іншымі вачыма пачыналі глядзець на свет і людзей. Сэрцы імкнуліся насустрач прыгожаму, а душы па-сапраўднаму ачышчаліся.

Беларуская паэтэса шмат расказала пра сябе, пра сваю творчасць, пра зборнікі, якія ўжо выйшлі ў свет, пра свае планы на будучыню. Дзеці пераканаліся, што паэты – незвычайныя і таленавітыя людзі, яны дораць усім часцінку сваёй душы.

Паэтэса не мае музычнай адукацыі, не валодае музычнай граматай, але надзелена прыемным голасам. У гэтым усе прысутныя пераканаліся, калі Лёля Уладзіміраўна праспявала некалькі сваіх песень. Сем вершаў Лёлі Багдановіч пакладзены на музыку. Іх выконваюць беларускія артысты.

Удзельнікі сустрэчы слухалі вершы, казкі, песні, танцавалі разам з паэткай і адзначылі, што яе творчасць кранае сваёй шчырасцю, дапамагае выхоўваць пачуцці дабрыні і спачування, прывівае любоў да Радзімы і роднай мовы.

У час сустрэчы ўсе прысутныя атрымалі неверагодную колькасць станоўчых эмоцый і пераканаліся яшчэ раз у тым, што мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання. А беларускае слова павінна жыць у нашых сэрцах

 

Фотогалерея: